Централизованное тестирование

«ЦТ па беларускай мове не такая цяжкая справа, але нюансаў багата»

Аляксей Любчанка, выкладчык беларускай мовы адукацыйнага цэнтра Адукар, пра пачуццё мовы, канцэнтрацыю ўвагі і бессэнсоўнае хваляванне

Тэсціраванне па беларускай мове як абавязковы экзамен выбірае прыкладна ўтрая менш абітурыентаў, чым па рускай. Хіба гэта такі складаны прадмет? Пагутарылі з выкладчыкам адукацыйнага цэнтра Адукар Аляксеем Любчанкам пра нюансы падрыхтоўкі да ЦТ і аказалася, што не такі страшны чорт, як яго малююць.

Чаму ты вырашыў стаць выкладчыкам беларускай мовы?

Яшчэ ў школе адчуў, што даволі добра разумею мовы і крыху цікаўлюся філалогіяй. Такім чынам, філалагічная спецыяльнасць была для мяне прыстойным варыянтам. Я не думаў станавіцца выкладчыкам, проста хацеў вывучаць мовы. Выкладчыкам жа стаў пазней — у апошнія ўніверсітэцкія гады.

Што табе больш за ўсё падабаецца ў выкладанні?

Узаемадзейнічаць з людзьмі і прыдумляць, як навучыць іх той ці іншай тэме. Асабліва тлумачыць складаныя тэмы проста. І калі я знаходжу такі спосаб і ён працуе, гэта прыносіць вялікае задавальненне. Заўжды премна, калі ёсць станоўчы вынік. Гэта бонус выкладання. Тады працуеш з ахвотай, не закісаеш.

Аляксей скончыў факультет беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці "Беларуская мова мова і літаратура. Польская мова і літаратура"
Аляксей скончыў факультэт беларускай і рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура. Польская мова і літаратура»

Чым падрыхтоўка да ЦТ адрозніваецца ад звычайных заняткаў па мове?

На адным занятку мы інтэнсіўна праходзім вялікі аб’ём тэорыі і адпрацоўваем яго на тэстах. А ў школе адну тэму можна праходзіць за некалькі ўрокаў. На курсах ЦТ так не робіцца.

Калі варта пачынаць рыхтавацца да ЦТ па мове?

Жнівень — пачатак восені, максімум — лістапад. Пазней могуць пачынаць толькі тыя, хто дужа ўпэўнены ў сваіх сілах. Я, шчыра кажучы, не люблю вучняў, якія прыходзяць вельмі позна, напрыклад, у маі. У такім выпадку складана падрыхтавацца на высокі бал, асабліва калі яны маюць слабыя веды. За месяц да ЦТ трэба ўжо паўтараць вывучанае, а не брацца за вучобу з нуля.

Па-беларуску амаль ніхто не размаўляе, на жаль, — і мова забываецца так ці інакш. Нават калі ў школе мова выкладаецца прыстойна, на ўзровень ЦТ ніхто не ведае, хоць ён не такі ўжо высокі. Я б не раіў чакаць экспрэс-курсаў, а ісці займацца з верасня. Бо экспрэс-курсы вельмі хуткія, неабходна за кароткі час паўтарыць вялікі аб’ём тэорыі, зрабіць тэсты, засвоіць тлумачэнні. Спакойна могуць ісці на хуткасныя курсы тыя, у каго «9» ці «10» па мове. Проста ў школе нават «8» гэта не адзнака. Я не пытаюся ў сваіх вучняў, які ў іх бал у школе, каб не расчаравацца. ЦТ па беларускай мове не такая цяжкая справа, але нюансаў багата.

Аляксей праводзіць чатырохгадзінны інтэнсіў перад ЦТ, на якім абітурыенты паўтараюць асноўныя моманты і рашаюць заданні, што будуць на тэсціраванні
Аляксей праводзіць чатырохгадзінны інтэнсіў перад ЦТ, на якім абітурыенты паўтараюць асноўныя моманты і рашаюць заданні, што будуць на тэсціраванні. Аналагічнае мерапрыемства запланавана і на 2018 год, таму раім сачыць за навінамі

Ці магчыма самому паспяхова засвоіць увесь матэрыял? Што для гэтага патрэбна?

Магчыма, але складана. Для гэтага трэба мець або філалагічныя здольнасці, або неверагодную вытрымку.

Рэдка ў каго з вучняў ёсць пачуццё мовы, калі адчуваеш, дзе трэба паставіць коску, якую літару варта пісаць. Адразу скажу, што для ЦТ гэтага мала, на адным пачуцці мовы і інтуіцыі не выедзеш, трэба ведаць правілы. Але для тых, у каго гэтае адчуванне ёсць, самастойна рыхтавацца да ЦТ прасцей. Такія людзі разумеюць мову як сістэму, а не вучаць правілы адасоблена.

Тым, хто слаба разумее сувязі паміж тэмамі, раздзеламі, трэба рыхтавацца ўвесь год планамерна, без лайдацтва. Гадзіны чатыры з паловай-пяць на тыдзень: тры на вывучэнне і замацаванне новага, паўтары-дзве — на паўтарэнне папярэдняга матэрыялу, каб да тэсціравання нічога не вылецела з галавы. Але школьнікаў з такой вытрымкай вельмі мала.

Праблема самастойнай падрыхтоўкі ў тым, што калі сам не зразумеў правіла ці нешта ўпусціў, то застаецца прагал у ведах. Выкладчык жа перапрацоўвае багата матэрыялу і дае на занятках самае важнае.

Прайсці тэму адзін раз і замацаваць яе недастаткова. Трэба некалькі разоў звяртацца да вывучанага, тады матэрыял застанецца ў памяці.

Аляксей Любчанка, выкладчык беларускай мовы

Якімі падручнікамі, дапаможнікамі раіш карыстацца?

На курсах мы займаемся па дапаможніках Красней, Цыбульскай. Аб’ёмныя тэсты на кожную тэму даюцца ў трэнажоры Цыбульскай, там, праўда, бываюць памылкі ў адказах, але гэта не страшна. Але ў ім няма тлумачэнняў да адказаў. Калі гэта патрэбна, ёсць дапаможнік Сіўковіч «60 урокаў да ЦТ», дзе даюцца ўсе правілы, аднак там мала тэстаў. І, канешне ж, варта карыстацца зборнікамі ЦТ за некалькі гадоў. Таксама нядаўна выйшаў зборнік тэстаў першага і другога этапаў РТ. У ім даюцца тлумачэнні да ўсіх адказаў, што ёсць вялікі плюс. Карысна прарашаць дэмаверсію ЦТ, бо яна супадае з выніковым тэсціраваннем.

Якія памылкі ў рашэнні тэстаў найчасцей робяць твае вучні? Якія тэмы даюцца ім найбольш цяжка?

Прычын памылак дзве — не заўважыў і забыў. Усё проста! З года ў год абітурыентам цяжка даюцца заданні на вызначэнне акання і якання, асіміляцыі, дзекання і цекання (асабліва ў іншамоўных словах); утварэнне дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў; адрозненне службовых часцін мовы ад самастойных; заданні па марфеміцы і сінтаксісе.

орпавы
Пробныя тэсты па мове ў сэрвісе ЦТ онлайн дапамогуць не толькі праверыць узровень ведаў, але і засвоіць правілы, бо да кожнага задання прыводзяцца разгорнутыя тлумачэнні

У якой паслядоўнасці лепш выконваць заданні ЦТ?

Як зручна. Ад сябе ж раю пачынаць з часткі А, каб не панікаваць, бо калі выконваеш заданні паслядоўна, нічога не прапускаеш. У ЦТ па мове кожная тэма можа быць цяжкай і адначасова лёгкай: усё залежыць ад падрыхтоўкі абітурыента. Праблема можа заключацца толькі ў тым, што забыў правіла. Тады складаным падасца любое пытанне.

Сутыкнуўся з праблемай — вырашы. Забыў нешта — адкладзі. Калі не памятаеш правіла, не кідайся ў здагадкі. Падбяры іншае правіла, якое дапаможа табе адказаць на пытанне. Цяжкасці з сінтаксісам — паспрабуй вымавіць сказ, адчуць на слых, дзе варта паставіць знак прыпынку. Скарыстайся метадам выключэння, але не спяшайся адказваць наўгад.

Аляксей Любчанка, выкладчык беларускай мовы

На што трэба звяртаць асаблівую ўвагу падчас тэсціравання?

Уважліва чытаць умову задання. Часцяком на ЦТ абітурыенты дапускаюць памылкі проста таму, што няправільна зразумелі пытанне.

Як здаюць ЦТ твае вучні? Ці супадаюць іх балы з адзнакамі ў школе?

Некаторыя здаюць вышэй за бал, які маюць у школе. Напрыклад, бывае сямёрка, а тэст выконвае на 70 і вышэй — гэта ўжо вынік. Атрымаць больш высокі бал, лічу, замінае няўважлівасць, хваляванне, паспешлівасць ці простае няведанне. Моцныя вучні часта няўважлівыя і дапускаюць памылкі ў відавочных месцах.

Зразумела, здаць ЦТ па беларускай мове на 100 баллаў рэальна. Для гэтага патрэбна макісмальная канцэнтрацыя ўвагі падчас тэсціравання і адказная падрыхтоўка на працягу года, тады ўсе пытанні будуць простымі.

ЦТ 2018 года будзе больш складаным за мінулагодняе ці не?

Фактычна, нічога новага. Магчыма, зменяцца некаторыя фармулёўкі. Матэрыял ЦТ на працягу гадоў застаецца той жа. Калі ў мінулым годзе трэба было вызначыць сінтаксічную ролю фразеалагізмаў, то ў другім этапе РТ гэтага года — значэнне фразеалагізмаў.

Варта разбірацца ў тым, што робіш, а не проста выконваць тэсты. Абітурыент павінен ставіцца да падрыхтоўкі як настаўнік: правяраць сябе, рабіць усё ўсвядомлена, па магчымасці без памылак.

Аляксей Любчанка, выкладчык беларускай мовы

Што ты параіш абітурыентам?

Не хвалявацца раніцай перад ЦТ. Канешне, не хвалюецца той, хто добра падрыхтаваўся. Аднак, калі ты ведаеш, што гатовы слаба, няма сэнсу перажываць, бо ўжо нічога не зробіш. Лепш сканцэнтравацца на заданнях і падключыць усе наяўныя веды і логіку.

***

Если материал был для тебя полезен, не забудь поставить «мне нравится» в наших соцсетях ВКонтакте, Instagram, Facebook, ASKfm и поделись постом с друзьями. А мы сделаем ещё больше материалов, которые пригодятся тебе для учёбы.

Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by