Профессии

«У птушак няма межаў. І мы таксама павінны думаць пра тое, каб не абмяжоўваць сябе ні ў чым»

Арнітолаг Дзяніс Кіцель пра птушыныя норавы, дзікую прыроду і карысныя эксперыменты

Даследванне і ахова дзікай прыроды — справа адначасова займальная і складаная. Выходзячы за межы падручніка па біялогіі, трэба не проста назіраць за навакольным светам, але і ўзаемадзейнічаць з ім. Арнітолаг Дзяніс Кіцель даўным-даўно парушыў межы паміж жыццём і прафесійнай дзейнасцю. Малады спецыяліст распавёў Адукару гісторыю свайго сяброўства з дзікай прыродай.

З якога моманту пачалося тваё захапленне прыродай?

Напэўна, яшчэ ў дашкольныя гады, калі малым чалавекам я выходзіў на двор і, нагуляўшыся з сябрамі, ішоў назіраць за нейкімі казуркамі, птушкамі, жывёламі. З ранніх гадоў я чамусьці быў апантаны прыродай, заўсёды мне хацелася нешта для сябе адкрыць.

Шмат розных жывёл я цягнуў у дом, асабліва калі пайшоў у школу і пачаў чытаць кніжкі. Гэтая з’ява спынілася толькі пасля таго, як я стаў вучыцца ва ўніверсітэце, бо ўжо не было куды іх усіх цягнуць (смяецца). Але зараз я змяніў сваё меркаванне і выступаю супраць таго, што рабіў у дзяцінстве. Дзікая прырода не павінна жыць у цябе дома.

Твой родны горад Маларыта — вельмі маляўнічы куток Беларусі. Магчыма, гэта таксама паўплывала на тваё светабачанне?

Так, канешне. Але Беларусь увогуле прыгожая краіна, тут вельмі ўнікальная і разнастайная прырода. Калі рухацца з поўдня на поўнач, можна назіраць вялікія змены. На поўдні — амаль што стэп, на поўначы — паўднёвая тайга. Калі б я нарадзіўся на поўдні, а потым заехаў трошкі вышэй за Мінск, то ўжо не пазнаў бы нашу краіну — такая яна вялікая і неаднастайная.

Ты з самага дзяцінства вызначыўся з тым, чым будзеш займацца ў будучыні?

Нешта за мяне вырашыла, што я павінен займацца дзікай прыродай. Увесь час, калі сябе памятаю, я рабіў крокі туды, дзе зараз ёсць.

Упэўненыя, што з выбарам вну ў цябе не ўзнікла складанасцей.

Так, яшчэ да паступлення я ўдзельнічаў у шматлікіх конкурсах навуковых прац сярод школьнікаў, таму калі прыйшоў атрымоўваць вышэйшую адукацыю, то ўжо ведаў, чым хачу займацца. Я вучыўся на біялагічным факультэце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.

Пасля заканчэння вну (на той момант я ўжо адзін год працаваў) мяне запрасілі ў магістратуру ўніверсітэта Алгарвэ (Партугалія). Там я вучыўся па спецыяльнасці «Ахова марскіх экасістэм і біяразнастайнасці». Мне было вельмі цікава пабачыць іншы куток свету, таму я згадзіўся на паездку.

Каменныя фармацыі ў горадзе Лагуш на поўдні Партугаліі
На шляху ў горад Сінтра
Помнік першаадкрывальнікам у Лісабоне

Чым адукацыя там адрозніваецца ад нашай?

Замежная адукацыя, канешне, больш базуецца на самастойнай працы. Трэба шукаць адказы на пытанні ўласнымі намаганнямі. Калі ты лайдак, то проста прасядзіш і ніякіх ведаў не атрымаеш.

Мне вельмі падабалася, што ў партугальскім універсітэце ў нас было шмат практычных заняткаў. У Беларусі мы прывыклі пісаць нейкія канспекты, але там гэта не абавязкова. Усе лекцыі знаходзяцца ў адпаведным раздзеле на сайце ўніверсітэта. Прычым з кожным выкладчыкам можна звязацца, сустрэцца, паразмаўляць за кубкам кавы ці гарбаты. У нас гэта цяжка ўявіць. А там сістэма адукацыі вельмі адкрытая.

У Партугаліі ў нас выкладалі некаторыя спецыялісты з Амерыкі і Канады, вядомыя ва ўсім свеце. Было вельмі цікава вучыцца ў той час. Мне прапаноўвалі застацца там, але я захацеў вярнуцца і працаваць тут, на Беларусі. Ніколі не меў жадання з’ехаць за мяжу назаўсёды.

Ці неабходна, на тваю думку, атрымліваць вышэйшую адукацыю?

Я лічу, што базавыя веды мець неабходна. Канешне, у мяне ёсць шмат сяброў, якія не маюць біялагічнай адукацыі і таксама працуюць у гэтай сферы. Яны добрыя спецыялісты, але, мне падаецца, што акадэмічныя веды вельмі важныя для кругагляду.

Дзе ты зараз працуеш?

У мяне няма пастаяннага працоўнага месца, дзе мне даводзілася б сядзець з 8 гадзін раніцы да 5 гадзін вечара. Я люблю ўвесь час ажыццяўляць нейкія праекты, знаходзіць магчымасці іх рэалізацыі. Часам супрацоўнічаю з грамадскімі арганізацыям. Разам мы ладзім розныя адкрытыя мерапрыемствы: лекцыі, канферэнцыі, з’езды. Праводзім экскурсіі, на якіх распавядаем людзям пра тое, як правільна назіраць за птушкамі, ці як, напрыклад, прывабліваць іх у свой сад. Пэўнымі праектамі я займаюся і з Навукова-практычным цэнтрам па біярэсурсах пры Акадэміі навук.

Увогуле, birdwatching (назіранне за птушкамі) — папулярнае хобі ў краінах Еўропы і Амерыкі. Да нас яно даходзіць вельмі павольна. Але людзі цікавяцца.

Інфармацыйная экскурсія «Птушкі рэк»
Дзяніс і яго малюткі

А можаш распавесці нам пра які-небудзь з дзеючых праектаў?

Так, канешне. Зараз мы займаемся ініцыятывай «Совы дапамагаюць людзям».

Самка вушастай савы ў гнездзішчы на алешыне

Каб зразумець, у чым сэнс, трэба, перш за ўсё, уявіць сабе малюнак харчовага ланцужка. Па такім шаблоне працуюць усе экасістэмы. Але з-за таго, што чалавек прыстасоўвае прыроду да сябе, вельмі часта адсутнічае адно каштоўнае звяно — драпежнік, у нашым выпадку гэта птушка. І я прапанаваў такую ідэю: вывешваць у аграландшафце штучныя скрыні для соў. Птушкі будуць сяліцца там і паляваць на розных шкодных для сельскай гаспадаркі грызуноў, тым самым дапамагаючы людзям.

Вушастая сава на носцы. Фота: Сяргей Абрамчук

Сёлета мы плануем размясціць у Маларыцкім раёне 150 скрынь для вушатых соў, а ў наступным годзе паглядзець, якая ад гэтага будзе эканамічная выгада. Усё магчыма разлічыць. Адна сям’я соў можа злопаць ад 1500 да 2500 палёвак за сезон. Гэта вялікая лічба. У будучыні, я спадзяюся, такая практыка стане паўсюднай.

Наколькі плённыя падобныя эксперыменты?

На гэты час даволі шмат відаў птушак і жывёл знаходзіцца пад аховай дзяржавы дзякуючы нашым намаганням.

Хацелася б крышачку распытаць цябе пра арніталагічныя даследванні. Напрыклад, пра кальцаванне.

Кальцаванне дапамагае вывучаць птушак. Мы ловім іх і вешаем ім на лапу маленькае металічнае кальцо, на якім, як і ў нас у пашпарце, ёсць серыя і нумар — унікальны код. Калі гэтае кальцо знойдуць, нават недзе ў іншай краіне, то змогуць даведацца, хто, дзе і ў які час птушку кальцаваў. Гэта вельмі важны матэрыял для арнітолага.

Для нас птушкі ўсе на адзін твар, мы не можам іх адрозніваць. А кольцы дапамагаюць вызначыць, як доўга пэўны від жыве. У маленькіх птушак век вельмі кароткі. Як жартуе мой сябра, яны не святкуюць дзень нараджэння. За 8 месяцаў жыцця маленькая птушка паспявае вылупіцца з яйка і даць жыццё новаму пакаленню. Даўжэй за ўсіх жывуць драпежнікі — да 30 гадоў.

У Беларусі ёсць Цэнтр кальцавання птушак, які каардынуе ўсю гэтую працу. Там захоўваецца даволі шмат інфармацыі пра тое, куды нашыя птушкі ляцяць. Цікава, напрыклад, што белы бусел даволі часта зімуе ў Паўднёвай Афрыцы, а з поўдню Еўропы да нас часам далятаюць фламінга. Быў выпадак, калі паляўнічы застрэліў у Беларусі качку, а потым выявілася, што кальцавалі яе ажно на Алясцы.

Часам пэўная птушка ў адной краіне добра ахоўваецца, а ў іншай трапляе ў небяспечнае становішча. Да прыкладу, на Мальце, на Кіпры адлоўліваюць зусім маленькіх птушак, памерам з вераб’я, і… ядуць. Яны лічацца там далікатэсам. І калі мы хочам нейкім чынам ахоўваць нашых птушак, то павінны лабіраваць закрыццё падобнага віду палявання. Такія праблемы вырашаюцца на міжнародным узроўні. Увогуле, у птушак няма межаў. Напэўна, нам таксама трэба думаць пра тое, каб не абмяжоўваць сябе ні ў чым.

Раскажы, калі ласка, пра свае вандроўкі за мяжу.

У беларускай мове ёсць прыгожае слова «вырай», адпаведніка якому ў рускай мове няма. І мне заўсёды было вельмі цікава даведацца, як ён выглядае. Таму часам я збіраюся і еду за нашымі птушкамі.

Белая пустыня ў Егіпце. Пяшчаныя дзюны змяняюцца белымі скаламі. Кожны дзень there is sand everywhere (тут пясок паўсюль)…
Чорная пустыня ў Егіпце. На гарызонце — патухлыя вулканы
Ранішні водблеск дзюн у пустыні Сахара
Марское дно высахлага мора праз мільёны гадоў выглядае менавіта так. Паўночна-ўсходняя ўскраіна пустыні Сахара

Сёлета мне давялося пабываць у тундры. Я быў запрошаны Ненецкім запаведнікам, які знаходзіцца за палярным колам, у Расіі. Гэта быў каштоўны вопыт. Палярныя дні, калі сонца не садзіцца ўвогуле… У тундры мы вывучалі і кальцавалі птушак.

Вясёлкавы фотаздымак з тундры. Фота: Юрый Янкевіч

А летась я ездзіў на поўдзень ад Беларусі. Мяне запрасіла адна грамадская арганізацыя з Турцыі. Мы зноў працавалі з птушкамі. У маляўнічым месцы, зусім недалёка ад гары Арарат.

У Грузіі мне пашанцавала ўбачыць на свае вочы дзіўнае відовішча — міграцыю драпежных птушак. Такі эфект біёлагі называюць «эфектам бутэлькавага рыльца»: птушкі рухаюцца вялікім фронтам, але потым нейкія абставіны прымушаюць іх ляцець па вельмі вузкім пралёце. У выніку можна назіраць у дзень сотні тысяч мігруючых птушак, гэта проста нейкія танцы ў небе.

Імкнешся захаваць такія моманты на фотаздымках?

Я непрафесійны фатограф. Ды і не ўсе фотаздымкі будуць зразумелыя шырокаму колу. Гэта тут я распавёў пра прыгожае і незвычайнае відовішча. Але калі запытацца, куды гэтыя птушкі ляцяць…

Драпежнікі выбіраюць месцы, дзе шмат корма. Мне даводзілася ездзіць ў Індыю, у штат Раджастан, там у пустыні ёсць могілкі свяшчэнных кароў, дзе водзяцца тысячы розных грыфаў, арлоў, каршуноў. Гэта цікава для біёлагаў, але я разумею, якія пачуцці будуць у іншых.

Звычайная трапеза птушак-здыхлятнікаў
Каровы-гіганты на ўваходзе ў Тадж-Махал
Індыйская шчурка — адна з самых вясёлых птушак!

Магчыма, ты любіш глядзець відэаперадачы пра прыроду?

Мне падабаецца ўдзельнічаць у такіх праграмах (смяецца). Ёсць у нас у Беларусі выдатны рэжысёр, Ігар Бышнёў, які здымае прыроду. На наступны год мы з ім запланавалі здымкі ролікаў пра нашых соў. Зараз ён працуе на поўначы Беларусі. Шмат у яго і міжнародных праектаў.

Адзін з фільмаў студыі, у складзе якой працуе Ігар Бышнёў, — AVES

Ці даводзіцца табе сутыкацца з нейкімі цяжкасцямі падчас працы?

Канешне. Калі ты знаходзішся ў цэнтры нейкага балота, то часам пачынаеш задумвацца: вось, калі б я займаўся, да прыкладу, радыёфізікай, то сядзеў бы зараз у нейкім кабінеце, паяў мікрасхемы, каву піў. Але ты разумееш, што ўчора ў цябе скончыўся цукар і яшчэ тыдзень ты будзеш піць гарбату без яго. Ты стаіш па пояс у вадзе і не ведаеш, ці ў адзін бок ісці 10 кіламетраў, ці ў другі. Тады даводзіцца збірацца з думкамі і ўпэўніваць сябе, што ты робіш важную справу. Напрыклад, высочваеш вялікага арляца, які толькі на такіх балотах і жыве, а большая частка папуляцыі гэтай птушкі гняздзіцца ў Беларусі.

Потым ты ўзгадваеш такія моманты і разумееш, што самы кайф быў тады, калі ты амаль што здаўся, калі ты адчуў сябе слабым, але змог гэта пераадолець. Такія складаныя сітуацыі робяць цябе толькі мацней. Ты разумееш, што тая справа, якую ты распачаў, будзе жыць. Ад яе нельга адмовіцца. Хто гэтым зоймецца, калі не ты?

А ці ўзнікалі ў цябе канфлікты з непасрэдным аб’ектам тваіх даследванняў — птушкамі?

У нас на Беларусі жыве адна даволі вялікая сава — барадатая кугакаўка. Калі ў яе ў гняздзе птушаняты, яна становіцца вельмі агрэсіўнай. Адзін ляснік распавёў нам, што аднойчы, калі ён рабіў абыход, нехта моцна ўдарыў яго па галаве. Гэта была вось гэтая сава. Але калі ты арнітолаг, ты не проста праходзіш міма, табе трэба залезці ў гняздо і пакальцаваць птушанят, а за адзін пад’ём можна атрымаць дваццаць такіх удараў. Сава зусім не шкадуе цябе, ёй важна нанесці раны, скінуць з дрэва, каб ты не мог далезці да птушанят. Яна абараняе сваё жыллё. Канешне, мы апранаем шлемы, розныя курткі, каб нам не змаглі пашкодзіць. Але мы разумеем, што гэта бацькоўскія пачуцці, птушкі абараняюць такім чынам сваё нашчадства. І нават нейкі гонар бярэ за іх. Калі б мы захацелі, маглі б лёгка іх забіць, бо весяць яны толькі паўтары кілаграмы. Але, нягледзячы ні на што, яны ляцяць нам ў твар. Вось сядзіш ты на дрэве, бачыш гэтыя вочы, бачыш гэтыя кіпцюры, якія праз момант могуць учапіцца табе ў галаву, і думаеш, як табе ўхіліцца. Калі ты вопытны лазальшчык па дрэвах і ведаеш паводзіны савы, то можаш не атрымаць ніводнага ўдару. Гэта атрымоўваецца не адразу.

Тры барадатыя (тыя, што з бакоў, — кугакаўкі)

Лазанне па дрэвах — даволі небяспечная справа…

Часам даводзіцца. Для гэтага мы выкарыстоўваем спецыяльныя прыстасаванні. На ногі мы абуваем кіпцюры-дрэвалазы. Ёсць страхоўка, якую трэба заўсёды перасцёгваць, бо лезеш ты не на слуп, а на дрэва. Калі нешта не вельмі добра працуе, ёсць верагоднасць, што ты залезеш на дрэва, а назад проста не злезеш. Гэта называецца «смерць на дрэве». Таму калі мы працуем, то заўсёды ў пары.

Лазанне па дрэвах не толькі як частка працы, але і лад жыцця
З птушанятамі на штучнай платформе для пугача

У мяне быў такі выпадак. Калі мы з маім добрым сябрам вывучалі драпежных птушак, я палез у гняздо арлана-белахвоста. У мяне нешта застапарылася, і я проста павіс на дрэве, не мог рухацца ні ўверх, ні ўніз. Калі ты вось так боўтаешся, то губляеш сілы. Сябра падказаў мне, куды перакінуць вяроўку, і з яго дапамогай я змог спусціцца.

Гэтай восенню таксама даводзілася залазіць на дрэвы. Я быў на поўначы Беларусі, у Расонскім раёне, у заказніку «Чырвоны бор». На вялізных соснах пад 30 метраў мы будавалі гнёзды для драпежных птушак. Вельмі прыгожы від адкрываецца адтуль. З аніякага шматпавярховіка ніколі такога не ўбачыць.

Ты не баішся вышыні?

Баюся, канешне. І тое, што птушка ляціць табе ў твар, таксама вельмі страшна. Калі ты ўзяў птушаня ў рукі і яно кіпцюрамі схапіла цябе, гэта балюча. Мы такія самыя людзі, як і ўсе, проста трошкі па-іншаму гэта ўспрымаем.

Птушаняты ў штучнай скрыначцы для соў — раз
Птушаняты ў штучнай скрыначцы для соў — два
Першы чырвонагаловы каралёк, адлоўлены ў Беларусі. Фота: Юрый Янкевіч

Дзяніс, дазволь спытаць цябе пра грашовы бок твайго занятку.

Канешне. Увогуле, шмат залежыць ад таго, з кім ты супрацоўнічаеш. Ёсць розныя прыродаахоўныя і грамадскія арганізацыі, заказнікі, нацыянальныя паркі. Можна ўладкавацца туды.

Часам мяне заклікаюць да супрацоўніцтва, але калі ўсяго гэтага няма, гэта не значыць, што я сяджу дома і думаю, хто мне будзе плаціць. Не, я іду, назіраю, пішу нейкія артыкулы. На жаль, мы павінны есці, павінны некуды ехаць, таму без грошай аніяк. Але для мяне яны — сродак існавання, бо праца мая даўно пераўтварылася ў лад жыцця.

Калі вашая мэта — зарабіць грошы, то не трэба спрабаваць сябе ў ахове прыроды, ёсць шмат больш грашовых сфер. Трэба любіць сваю справу так, каб нават не думаць пра тое, каб ёй не займацца.

Што ты мог бы параіць тым, хто збіраецца асвойваць прафесію, звязаную з прыродай?

Я бы даў такую параду (можа, не зусім правільную, але): загарнуць падручнік, выйсці на прыроду і пачаць назіраць. Разгарнуць звычайны сшытак і запісваць усё, што бачыш. А потым, калі ўжо нешта стане табе зразумелым, разгарнуць падручнік і паглядзець, што напісана там. Калі ты быў даволі ўважлівым, усё супадзе. У першую чаргу трэба вучыцца назіраць за дзікай прыродай.

Назіранне за птушаняткам блакітнай сарокі. Фота: Юлія Качанава
Маўклівая размова сам-насам з малай паганкай

Часам людзі скардзяцца, напрыклад, што на іхняе дзіця накінулася варона. А птушка, хутчэй за ўсё, проста абараняла сваё птушаня, якое магло сядзець побач на дрэве і быць незаўважным. У біёлагаў павінна быць такая мэта — распавядаць людзям пра тое, што адбываецца ў свеце прыроды, тлумачыць падобныя з’явы.

Быў такі цікавы энтамолаг Жан Анры Фабр, які проста назіраў за тым, што адбывалася ў яго пад нагамі. Ён нарадзіўся ў беднай сям'і і не мог дазволіць сабе купіць спецыяльнае абсталяванне, таму сядаў, расчыняў над сабой парасон і назіраў цэлымі днямі за восамі, пчоламі, мурашамі, жукамі. Зараз гэты чалавек вядомы на ўвесь свет. Тыя назіранні, што ён зрабіў са свайго падворка, сталі ў свой час асновай для энтамалогіі — навукі, якая вывучае казурак.

Падчас фатаграфавання пустыннага жучка ў Егіпце

Калі нехта кажа «я жыву ў Мінску» ці «ў маёй вёсцы нічога цікавага няма» — гэта мана. Усюды можна нешта убачыць. Канешне, дзікія куткі Беларусі хаваюць больш цікавыя і рэдкія віды, але аматары могуць знайсці цікавосткі паўсюль.

Без прагі да навукі і адкрыццяў у чалавека нічога не атрымаецца. Шмат маіх сяброў, з якімі я вучыўся, атрымалі адукацыю біёлага і пасля ніводнага дня не працавалі па спецыяльнасці. Толькі калі ў цябе ёсць жаданне, ты атрымаеш тое, што табе патрэбна.

Якімі якасцямі, на тваю думку, павінен валодаць біёлаг?

Яму варта быць цікаўным. Ён не павінен апускаць рукі, калі нешта незразумела ці не атрымоўваецца.

Напрыклад, тое, што мы вывешваем скрыні для соў, не значыць, што ўсе яны будуць заселеныя. Даволі часта домікі застаюцца пустымі. Можна падумаць, што наша справа была марнай тратай часу, але калі нават на адной з дзесяці платформ паселіцца нейкая рэдкая сава, будзе жыць там і гадаваць птушанят, значыцца, усё было не марна. Трэба шукаць памылкі і выпраўляць іх.

Кальцаванне даўгахвостай кугакаўкі ў заказніку «Чырвоны Бор». Фота: Michael Turner Cain
Фотагенічнасці прыгажуні-савы варта пазайздросціць

Кім ты бачыш сябе ў будучыні?

Я не магу сказаць, што бачу сябе дырэктарам якой-небудзь арганізацыі, не. Зараз я бачу, што шмат беларусаў яшчэ не ведаюць пра тое, чым багата наша краіна. Я не маю на ўвазе эканамічныя каштоўнасці. Багата ў сэнсе біяразнастайнасці. Напэўна, мой унёсак вельмі маленькі: я проста распавядаю людзям пра тое, што я раблю, і нейкім чынам спрабую наблізіць іх да дзікай прыроды, выклікаць у іх зацікаўленасць. Гэта мая мэта. Няхай мой адказ будзе такім. Я хачу, каб мая справа працягвалася, і тыя людзі, якія былі заахвочаны дзякуючы маім намаганням, таксама зрабілі нешта карыснае для прыроды.

Перепечатка материалов с сайта adukar.by возможна только с письменного разрешения редакции. info@adukar.by